I ўсё-такі дойдзем!
За векам век плыве-цячэ,
А мы ідзем, ідзем... I што ж?
О, як далёка нам яшчэ
Да Беларусі!
Ужо няўсцерп нам крыж пакут,
I мы крычым, крычым, але –
Не дакрычаліся пакуль
Да Беларусі...
...Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!
Из Минска пришла печальная весть: вчера вечером, 29 марта 2016 г., ушел из этой жизни Нил Гилевич (Ніл Сымонавіч Гілевіч) - талантливый поэт, писатель, публицист, известный ученый и Гражданин Беларуси, которому Богом был дан великий дар пробуждать в человеке человеческое.
Вечная память.
Родныя дзецi
Ніл Гілевіч
...Мы — тройчы дзеці ў вечным крузе:
Мы — дзеці роднае сям'і,
I — дзеці Маці-Беларусі,
I — дзеці Матухны-Зямлі.
Трайны ён, круг, ды недзялімы:
Бо сёння - як ні паглядзім -
А лёс Дзяцей, і лёс Радзімы,
І лёс Планеты - лёс адзін...
Я хаджу, закаханы у твае краявіды...
Ніл Гілевіч
Я хаджу, закаханы у твае краявіды,
І шапчу, як прызнанне: о, мой край дарагі!
Зноў нясу табе ў споведзь і трывогі, і крыўды,
І надзеі, і ўцехі, і любоў, і грахі...
Пасля доўгіх расстанняў і далёкіх вандровак
Я вярнуся навекі ў засень клёнаў тваіх.
Толькі з роднага долу, толькі ў роднай дуброве -
Як не дрэвам, хоць кветкай прарасту для жывых.
1962
Белыя сыплюцца долу крышталiкi…
Ніл Гілевіч
Белыя сыплюцца долу крышталiкi,
Белыя крышацца хмаркi ўгары.
Сосны захутаны ў белыя шалiкi.
Белая мiтусь у белым бары.
Белая, мяккая цiша няхрусткая,
Белай дрымотай спавiты кусты.
Белая казка... Зiма беларуская...
Што ж мне не дорыш снягурачку ты?
1965
Iсцiна, адвечная, як свет...
Ніл Гілевіч
Iсцiна, адвечная, як свет:
Шчасце ходзiць толькi ў пары з горам.
За надзеяй - боль зняверу ўслед.
За пашанай - прынiжэння сорам.
За святлом знаходкi - горыч страты,
За агнём любвi - разлукi снег.
За абдымкамi - падножка здрады...
Iсцiна, адвечная, як свет.
1970
Маці
Ніл Гілевіч
(урывак)
<…>
Вочы маці!
У доўгія зімнія ночы
Вы над намі
Вясёлымі зоркамі ззялі,
Вы ў нясцерпнай дрымоце
Зліпаліся, вочы.
I ўсё ж усміхаліся нам,
Забаўлялі...
Рукі маці!
Вы ў працы не зналі прынукі,
Вы насілі штогод
Мазалі, як бабіны,
Вы аж нылі увечары,
Мілыя рукі,
Спавіваючы нас
Перад сном галубіным.
Сэрца маці!
Наш боль быў тваім,
He іначай,
Сорам наш
Ты насіла вялізарным горам,
Кропля ж кожная
Радасці светлай дзіцячай
Напаўняла цябе,
Разлівалася морам...
<…>
Жаль, і горыч, і боль
Мне душу працінае:
Як жа позна,
Як позна — любімыя дзеці —
Мы няўдзячнасць сваю
Разумець пачынаем...
Пашкадуем, i моцна яшчэ пашкадуем…
Ніл Гілевіч
Пашкадуем, i моцна яшчэ пашкадуем,
Як да розуму прыйдзем (а прыйдзем, вiдаць!),
Што, пра будучнасць дбаючы, гэтак бяздумна
Завiхалiся памяць сваю абкрадаць.
Нi таўсцейшаю лустай, нi большай капейкай
Апраўдаць гэту "чыннасць" не зможам павек,
Бо як правiльна ў кнiзе напiсана нейкай:
Не адным толькi хлебам жыве чалавек.
1970
Паклон табе, мой беларускі краю…
Ніл Гілевіч
Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты – мой, я – твой: ад роду і навек.
Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю
Твой ліст дубовы – як чароўны лек.
За хлеб, што ем, за песьні, што сьпяваю,
За шчасьце звацца іменем тваім –
Паклон, паклон табе, мой родны краю!
Ты – мой, я – твой: усюды і ва ўсім!
1973
I ўсё-такі дойдзем!..
Ніл Гілевіч
За векам век плыве-цячэ,
А мы ідзем, ідзем... I што ж?
О, як далёка нам яшчэ
Да Беларусі!
Ужо няўсцерп нам крыж пакут,
I мы крычым, крычым, але –
Не дакрычаліся пакуль
Да Беларусі.
А можа быць, яна – міраж,
I ўсе мы трызнім? Бо чаму ж
Не далятае голас наш
Да Беларусі?
Відаць, пракляцця знак ляжыць
На нас ад роду, і таму
Так цяжка шлях нам церабіць
Да Беларусі.
Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..
1992
Фото с сайта:
http://ensembles.ru/ Copyright © Ensembles.ru
http://euroradio.fm/ Copyright © Euroradio.fm
Сергей Филонов
30.03.2016